Шосты Сусветны Сабор пастанавіў, каб у чацвер пятага тыдня Вялікага посту служылі Ютрань, на якой цэ…

Шосты Сусветны Сабор пастанавіў, каб у чацвер пятага тыдня Вялікага посту служылі Ютрань, на якой цэнтральнае месца займае Вялікі канон святога Андрэя Крыцкага. Звычайна гэтае богаслужэнне адпраўляецца ў сераду ўвечары.

Гэтае набажэнства адметнае тым, што пасля кожнага трапара кожнай песні канону ўстаў прадпісвае рабіць тры паклоны, але паводле звычаю нашай Царквы мы робім адзін зямны паклон, а ўсіх паклонаў разам — 250.

Вялікім гэты канон называюць не толькі за яго вялікі аб’ём, бо ён налічвае ажно 250 трапароў, але і за глыбокія роздумы, вялікі дух пакаяння і маральна-падзвіжніцкае значэнне.

Вялікая маральная сіла і значэнне Вялікага Канону якраз і заключаецца ў тым, што праз сузіранне ўласных грахоў ён не вядзе душу да адчаю і безвыходнасці, а праз шчыры плач, пакаянне і жаль суцяшае, узвышае, усяляе надзею і ўказвае на сродак збаўлення: Божую міласэрнасць і заступніцтва Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

У канцы кожнай песні канона ёсць яшчэ два трапары ў гонар пачэснай Марыі Егіпецкай. Пазнейшы аўтар дадаў яшчэ адзін трапар у гонар святога Андрэя Крыцкага.