Ісус памірае на крыжыУ дзявятай гадзiне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Элаi, Элаi! ламма са…

Ісус памірае на крыжы

У дзявятай гадзiне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Элаi, Элаi! ламма савахфанi? што азначае: “Божа мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакiнуў? А адзiн пабег, намачыў губку воцатам i, насадзiўшы на кiй, даваў Яму пiць, кажучы: чакайце, пабачым, цi прыйдзе Iлля зняць Яго. Ісус жа, ускрыкнуўшы моцна, спусціў дух. (Мр.15, 34-37)

Ісус, уцелаўлёнае Слова,
прайшоў найбольшую адлегласць,
якую можа прайсці ўпаўшае чалавецтва.
Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?
Адлегласць бясконцая, канечнае раненне, цуд любові.

Паміж Богам і Богам,
паміж Айцом і ўцелаўлёным Сынам,
становіцца наш адчай,
і Ісус да канца хоча быць з намі салідарным.

Адсутнасць Бога – менавіта гэта пекла.
“Смагну, – кажа яшчэ Ісус, паўтараючы псалом.
Сіла мая высахла, як чарапок;
язык мой прымкнуўся да гартані маёй,
і Ты звёў мяне да персці смяротнай”.

Бог прагне чалавека, а чалавек бяжыць ад Яго,
узводзячы сцяну падзелу.
Прыбіты цвікамі да гэтай сцяны, Ісус кажа:
“Смагну”, –
і даюць Яму воцат.

Адвечныя абдымкі Айца і Сына
становяцца далечынёю паміж небам і пеклам.
Элаi, Элаi! ламма савахфанi?
Нібы на імгненне распяты Бог
губляе веру ў Бога.

І тады ўсё навяртаецца,
у Ісусе чалавечая воля,
як у Гэтсіманскім садзе,
згаджаецца.
“Ойча! у рукі Твае аддаю дух Мой!”
Бяздонне адчаю рассейваецца
як нікчэмная кропля нянавісці
у бяздоннай бязодні любові.
Адлегласць паміж Айцом і Сынам
ужо не месца пекла, але прыстанак Духа.

Ісусе, Ты, што Сам Сябе прынізіў,
прымаючы вобраз раба,
нават да смерці, і смерці крыжовай,
навучы нас гаварыць у дзень ліха,
можа быць, у дзень смерці:
“Ойча! у рукі Твае аддаю дух Мой!”

Адгэтуль неба, зямля і пекла поўныя святла.
Нішто не можа аддзяліць нас ад Цябе.
“Куды пайду ад Духа Твайго?
Зыду да адхлані – і там Ты”.

О Пастыр, забіты як ахвяра,
вазьмі нас на плечы Твае,
каб прывесці нас зноў да Твайго Айца.
Няхай у Табе самы змучаны з малавераў
знойдзе нарэшце адказ.

Слава Табе, Ісусе, Божа наш:
Ты перамяняеш крыж адчаю
у Крыж Пасхальны.

(Разважанні ўсяленскага патр. Варфаламея над Крыжовай дарогай, ст. 13)