На шляху да свята Апосталаў Пятра і Паўла: 26 чэрвеняАкафіст святым апосталам Пятру і Паўлу – з «Пад…

На шляху да свята Апосталаў Пятра і Паўла: 26 чэрвеня
Акафіст святым апосталам Пятру і Паўлу
– з «Падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны.

ДЗЕНЬ VI (26.06)
Кандак 6 (Паўла)
Ты, Паўле апостале, годны хвалы, назваў сябе фарысэем з калена Бэніямінавага і шчыра прызнаўся да сваіх ранейшых благіх намераў супраць тых, што ўверылі ў Хрыста. Мы бачылі, як ты перасьледаваў Царкву Божую і разбураў яе, а цяпер яе ўмацоўваеш. І яна, узмоцненая тваімі салодкімі як мёд вучэньнямі, кліча да Бога: Алілуя.

Ікас 6
“Хто нас разлучыць з любоўю Божай: сум, цяжкасьці ці прасьлед”? Ты сказаў гэта і многае іншае, богагалосны прапаведніча, сусьветны апостале Паўле; заклікаючы горача ўсіх, што уверылі ў Хрыста, да Ягонай любові, ты сам дабравольна пацярпеў цяжкасьці дзеля Бога. Таму мы пяём табе радасным голасам:
Радуйся, дасканалы рупліўча, што зваўся ў Законе Саўлам;
Радуйся, вялікі пакутніча, што ў імя Хрыста Паўлам сябе назваў;
Радуйся, ясны сьветач для ўсіх, што сядзяць у цемры няведаньня;
Радуйся, вялікае правіла для тых, што тонуць у бездані беззаконьняў;
Радуйся ты, што быў радасным вестуном для тых, што ўверылі ў Ісуса Хрыста;
Радуйся ты, што падаеш руку дапамогі тым, што гінуць у грахох;
Радуйся, дасьведчаны лекару душэўных і цялесных недамаганьняў;
Радуйся, умелы пацяшыцелю тых, што ў суме і патрэбе;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, першапасадныя апосталы, што сееце слова Ісусава;
Радуйцеся, два сталы, што даеце нам хлеб жыцьця – цела Хрыстова;
Радуйцеся, дванаццаць апосталаў, Богам пасланыя абвяшчаць сьвету збаўленьне;
Радуйцеся, дванаццаць караблёў вялікіх, што прывозіце Хрыстовую дабравесьць;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.