Менавіта гэтага датычыць дасканалае раз’ясненне св. апостала Паўла, які як праўдзівы прапаведнік Хрыста, трапнымі словамі і настаўленнямі прадстаўляе Яго нашаму розуму. Кажа: «Бог, які загадаў: “Няхай з цемры заззяе святло”, засвяціў у нашых сэрцах, каб даць святло пазнання славы Божай у абліччы Ісуса Хрыста» (1 Кар 4, 6). Мы ўжо раней даведаліся, як адлюстроўваецца ў нас святло Хрыста. Хрыстос – вечнае святло душ. Айцец паслаў Яго на зямлю, каб асветленыя святлом Яго аблічча мы, якія да гэтага былі ў цемры, змаглі ўбачыць нябесныя і вечныя рэчы.
Дарэчы, навошта я кажу пра Хрыста, калі таксама апостал Пётр сказаў кульгаваму ад нараджэння: «Паглядзі на нас». Кульгавы паглядзеў на Пятра, і быў асвечаны ласкай веры; не быў бы аздароўлены, калі б не паверыў.
Хоць такі вялікі бляск славы быў ужо ў саміх Апосталах, аднак Закхей, даведаўшыся, што тут павінен праходзіць Ісус, залез на дрэва, бо быў малога росту і не мог убачыць Яго ў натоўпе. Калі ўбачыў Хрыста, знайшоў святло. І той, хто да гэтага забіраў чужое, цяпер раздаў сваё.
«Чаму хаваеш Ты сваё аблічча?» (Пс 44 [43], 25). Але нават, калі хаваеш ад нас, Госпадзе, сваё аблічча, яго святло ёсць у нас (пар. Пс 4, 7). Мы маем яго ў нашых сэрцах, яно яснее ў глыбіні душы, бо ніхто не мог бы выстаяць, калі б Ты схаваў сваё аблічча.
Св. Амброзій Медыяланскі