Вось уздымаюцца моцныя хвалі і набліжаюцца грозныя буры, аднак мы не баімся гібелі; наадварот, абапі…

Вось уздымаюцца моцныя хвалі і набліжаюцца грозныя буры, аднак мы не баімся гібелі; наадварот, абапіраемся на скалу. Няхай шалее мора, яно не зможа скрышыць скалу; няхай уздымаюцца хвалі, яны не змогуць патапіць Ісусавы човен. Чаго ж мы павінны баяцца? Смерці? «Для мяне жыццё – гэта Хрыстос, а смерць – гэта набытак» (Флп 1, 21). Скажы, можа баяцца выгнання? «Госпаду належыць зямля і ўсё, што на ёй» (Пс 24 [23], 1). Можа баяцца страты маёмасці? «Мы нічога не прыносім у свет і не можам нічога вынесці» (1 Цім 6, 7). Я пагарджаю пагрозамі гэтага свету і грэбую пахвалою. Не баюся беднасці, не прагну багацця, не дрыжу перад смерцю, а калі прагну жыцця, то толькі для вашай карысці. Менавіта таму кажу пра тое, што адбываецца, і прашу, каб вы не гублялі надзеі.

Ці ты не чуеш Госпада, Які кажа: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20). Ці ж не будзе Яго там, дзе ўвесь народ з’яднаны повязямі любові? Маючы Яго абяцанне, ці буду я разлічваць на ўласныя сілы? Я маю Яго слова. Вось мая падтрымка, вось абарона, вось спакойнае для мяне прыстанішча. Хоць бы ўвесь свет паўстаў супраць мяне, я трымаюся Яго абяцання, слухаю Яго слова; вось мая цвярдыня, вось мая абарона. Якія ж гэта словы? «Вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).

Хрыстос са мною, каго ж мне баяцца? Хоць бы ўзняліся супраць мяне хвалі, ці мора, ці гнеў моцных гэтага свету – усё гэта для мяне нішто, нават менш за звычайнае павуцінне. Калі б не любоў, якую маю да вас, – ужо сёння я вырушыў бы ў дарогу. Але заўсёды кажу: «Госпадзе, няхай станецца воля Твая» (пар. Мц 26, 42). Я выканаю тое, чаго хочаш Ты, а не тое, чаго прагне той ці іншы. Вось мая цвярдыня, вось мая непарушная скала, вось надзейная дапамога. Калі так хоча Бог, няхай так будзе. Калі хоча, каб я застаўся тут, я дзякую Яму. І куды б Ён не пажадаў паслаць мяне, я бласлаўляю Яго.

Дзе я, там і вы; дзе вы, там і я. Мы ствараем адно цела, таму ні цела ад галавы не можа адлучыцца, ні галава ад цела. Нас раздзяляе адлегласць, але яднае любоў. Такой повязі нават смерць не можа разарваць. Калі нават памрэ маё цела, душа будзе жыць і памятаць пра свой народ.

Вы – мае суграмадзяне, вы – мае бацькі, браты, сыны, члены, маё цела, вы для мяне святло, а нават больш за святло. Вашая любоў дае непараўнальна больш радасці, чым промні сонца. Сонца мне неабходна для зямнога жыцця, а вашая любоў рыхтуе для мяне ўзнагароду ў будучым жыцці.

Св. Ян Залатавусны