«Каля крыніцаў і па ўсіх паселішчах гэтай зямлі» (Эзх 34, 13). З гор, пра якія мы казалі, выплываюць патокі евангельскага вучэння, бо «па ўсёй зямлі разносіцца іх голас», а ўсе заселеныя месцы становяцца багатай і прыемнай пашай для авечак.
«На добрай пашы буду пасвіць іх і на высокіх гарах Ізраіля будзе загон іхні. Там яны будуць адпачываць у добрым загоне» (Эзх 34, 14). Гэта значыць, што там яны змогуць адпачыць і сказаць: «Добра нам тут», – там яны могуць сцвярджаць: «Гэта праўда, гэта несумненна, мы не сумняваемся ў гэтым». Адпачнуць у славе Госпада, як на сваіх загонах. І будуць спаць, гэта значыць, «будуць адпачываць» у вялікай радасці.
«Будуць пасвіцца на пажыўнай пашы, на гарах Ізраіля» (пар. Эзх 34, 14). Я згадаў пра горы Ізраіля, добрыя горы, куды мы ўзносім вочы, каб атрымаць адтуль дапамогу. Але нашая дапамога – у імені Госпада, Які стварыў неба і зямлю (пар. Пс 124 [123], 8). Таму, каб нашая надзея не была звязаная з добрымі гарамі, паводле словаў: «Я буду пасвіць авечак Маіх» (Эзх 34, 15), – тут жа дадае: «Сам буду ўкладваць іх на адпачынак» (Эзх 34, 16), каб ты не затрымліваўся на гарах. Узнось свае вочы да гораў, адкуль павінна прыйсці да цябе дапамога, але памятай пра Таго, Хто кажа: «Сам буду ўкладваць іх на адпачынак». Бо твая дапамога – у імені Госпада, Які стварыў неба і зямлю.
А заканчвае такім чынам: «Буду пасвіць іх у праўдзе» (пар. Эзх 34, 16). Заўваж, што толькі Ён пасвіць такім чынам, толькі Ён пасвіць у праўдзе. Хто ж з людзей зможа асудзіць справядліва? Усюды шмат выпадковых суджэнняў. Той, у кім мы засумняваліся, раптам здзяйсняе навяртанне і становіцца найлепшым. Той жа, на каго мы вельмі разлічвалі, нечакана падае і становіцца найгоршым. Як наш страх, так і любоў зведваюць сумненні.
Кім сёння з’яўляецца чалавек, не ведае нават ён сам. Хоць у некаторай ступені ведае, кім з’яўляецца сёння, але не ведае, кім будзе заўтра. Толькі Госпад пасвіць справядліва, даючы кожнаму тое, што ягонае. Адным – адно, другім – другое. Кожнаму тое, што яму належыць: тое ці іншае. Ён ведае, што робіць. Пасвіць справядліва тых, каго асудзіў і адкупіў. Таму Ён пасвіць у праўдзе.
Св. Аўгустын