11 кастрычніка – успамін св. Папы Яна XXIIIБеларускія грэка-католікі ушаноўваюць св. Яна ХХІІІ і ўсп…

11 кастрычніка – успамін св. Папы Яна XXIII
Беларускія грэка-католікі ушаноўваюць св. Яна ХХІІІ і ўспамінаюць ягонае прызначэнне а. Чэслава Сіповіча грэка-католіцкім біскупам.

Святы Ян XXIII (Angelo Giuseppe Roncalli) нарадзіўся 25 лістапада 1881 – адышоў у вечнасць 3 чэрвеня 1963. Папа Рымскі з 1958 па 1963 год.
Рашэннем Папы Францішка літургічны ўспамін Яна XXIII адзначаецца не ў дзень смерці, як звычайна, але менавіта ў гадавіну адкрыцця першай сесіі Другога Ватыканскага Сабору – 11 кастрычніка 1962 г.
Намаганнямі, натхненнем і малітвамі Яна XXIII – “добрага Папы”, папы-дыпламата, папы-міратворца, адбыўся Другі Ватыканскі Сабор (1962-1965), які разпачаў духоўнае і тэалагічнае аднаўленне Каталіцкай Царквы.

2 ліпеня 1960 г. Папа Ян ХХІІІ намінаваў беларускага ераманаха-марыяніна а. Чэслава Сіповіча тытулярным біскупам Марыямітанскім. Біскупскую хіратонію Уладыка Чэслаў атрымаў 6 жніўня 1960 г. і тым жа Папам Янам ХХІІІ быў прызначаны Апостальскім Візітатарам для беларусаў грэка-католікаў у замежжы. Такім чынам, пасьля 120 гадоў (ад г. зв. Полацкага “сабору” ў 1839 г. – гэта значыць ад “ліквідацыі” структур Уніяцкай Царквы царскімі ўладамі) беларускія католікі ўсходняга абраду атрымалі свайго біскупа.
У 1962-1965 Уладыка Чэслаў – адзіны беларускі біскуп – удзельнічаў у працы Другога Ватыканскага Сабору, дзе быў абраны ў камісію па справах Усходніх Цэркваў.
Супрацоўніцтва Уладыкі Чэслава з Святым Пасадам працягвалася ў час пантыфікатаў Папы Паўла VI і Папы Яна Паўла ІІ.
Пасля Сабору Уладыка Чэслаў быў адным з выдатных беларускіх тэарэтыкаў і ўдзельнікаў міжхрысьціянскага і міжрэлігійнага дыялогу.