Вывеўшы свой народ з няволі, Бог заключае з ім запавет на гары Сінай. Гэты Саюз з’яўляецца ўжо двухбаковай дамовай, у якой абодва бакі — і Бог, і народ — бяруць на сябе абавязацельствы: «Таму, калі вы шчыра слухаецеся голасу майго і захоўваеце запавет мой, будзеце […] народам святым» (Вых 19, 5-6). Чыста па-чалавечы гэта таксама цяжка зразумець: вечны Бог, Творца, Усявышні дамаўляецца з адным маленькім, як на той час, народам. Таму, заключаючы з чалавекам Саюз, Бог узвышае яго, давярае яму, абяцаючы са Свайго боку выкананне гэтай дамовы.
Пагадненне паміж Богам і абраным народам твораць Дзесяць Запаведзяў (Дэкалог, што ў перакладзе з грэцкай азначае Дзесяць слоў) — правілы Саюза, запісаныя на дзвюх каменных скрыжалях, якія народ мог заўсёды несці з сабой. Гэта былі асноўныя законы, якія народ абавязваўся ведаць і выконваць.
Прыйшоў Майсей і склікаў старэйшынаў народу і прапанаваў ім усе гэтыя словы, якія наказаў яму Госпад. І ўвесь народ адказаў у адзін голас, кажучы: усё, што сказаў Госпад, выканаем. І данёс Майсей словы народу да Госпада. (Вых. 19, 7-8)
Дзесяць запаведзяў – гэта правілы жыцця, дадзеныя чалавеку Творцам, Які жадае, каб чалавек быў свабодным і шчаслівым. Гэта ўказальнік, дадзены Тым, Хто стварыў чалавека на Свой вобраз і падабенства і паклікаў яго да паўнаты жыцця – да шчасця. Гэта каштоўныя настаўленні адносна правільнага стаўлення да свету, бліжніх, сябе і Бога.
Дзесяць запаведзяў з’яўляюцца фундаментальнымі прынцыпамі жыцця чалавека, узаемаадносін паміж людзьмі і адносін супольнасці людзей – з Госпадам. Каб правільна зразумець Запаведзі, іх трэба разглядаць у кантэксце адносін Бога з людзьмі, у кантэксце Божай задумы адносна чалавека. Выконваючы іх, мы паказваем сваю любоў да Бога, Які нас любіць, і супрацоўнічаем з Ім. «Гэта бо любоў да Бога: захоўваць Яго запаведзі. А запаведзі Яго не цяжкія» (1 Ян 5, 3). Калі чалавек не выконвае гэтыя законы, то ён адварочваецца ад свайго Творцы – крыніцы любові і жыцця.
Педагогам да Хрыста Збаўцы быў закон Майсея, выражаны
ў Дзесяці Божых запаведзях, дадзеных Богам на гары Сінай:
Я – Госпад Бог твой.
1. He май іншых багоў, апроч Мяне.
2. He ўжывай імя Госпада Бога твайго дарэмна.
3. Памятай дзень святы святкаваць.
4. Шануй бацьку свайго і маці сваю.
5. He забівай.
6. He чужалож.
7. He крадзі.
8. He сведчы фальшыва супраць бліжняга твайго.
9. He пажадай жонкі бліжняга твайго.
10. He пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму.