Няхай нашыя сэрцы хінуцца да таго, хто з’яўляецца верным сваім абяцанням і справядлівым у сваіх прыс…

Няхай нашыя сэрцы хінуцца да таго, хто з’яўляецца верным сваім абяцанням і справядлівым у сваіх прысудах. Той, хто забараніў падман, перадусім Сам не падманвае; няма нічога немагчымага для Бога, акрамя маны. Таму ажывім нашую веру ў Яго абяцанні і будзем памятаць, што ўсё ў Яго сіле.

Словам сваёй сілы Ён устанавіў усё і словам можа ўсё знішчыць. «Хто Яму скажа: „Што Ты зрабіў?” і хто паўстане супраць Яго моцы» (пар. Мдр 12, 12). Ён усё робіць, калі хоча і як хоча, і нічога з таго, што загадаў, не прападзе. Усё – перад Ім, і нішто не схаваецца ад Яго волі, бо «нябёсы абвяшчаюць Божую славу, пра справу рук Яго расказвае небасхіл. Дзень дню апавядае слова, ноч ночы адкрывае веды. Няма мовы, і няма слоў, але чуецца іх голас» (Пс 19 [18], 2-4).

Паколькі Бог бачыць усё і ўсё чуе, будзем баяцца Яго. Пакінем нячыстыя жаданні дрэнных учынкаў, каб на будучым судзе мы маглі адчуць апеку Яго міласэрнасці. Бо хто з нас можа ўцячы ад Яго магутнай рукі? Які ж свет можа прыняць таго, хто ўцякае ад Яго? Пісанне ў іншым месцы кажа: «Куды пайду ад духа Твайго і ад аблічча Твайго куды ўцяку? Калі ўзыду на неба, Ты там; калі перасялюся на край зямлі, – там таксама будзе Твая правіца; калі спачну ў адхлані, – і там Твой дух» (пар. Пс 139 [138], 7-11). Дык куды ж адысці ці дзе схавацца ад Таго, Хто ахоплівае ўсё?

Св. Клімент, Папа Рымскі