7 лістапада 2022 г., падчас адмысловай аўдыенцыі ў Ватыкане Вярхоўны Архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў (Шаўчук) распавёў Святому Айцу аб тым, што Украінская Грэка-Каталіцкая Царква засталася блізкай да людзей, а ўсе храмы і будынкі сталі прытулкамі.
Сустрэча праходзіла ў бібліятэцы Апостальскага палаца. Яна стала першай з пачатку вайны.
Як паведаміў сакратарыят Вярхоўнага Архіепіскапа Кіева-Галіцкага, Папа запэўніў у прыхільнасці Святога Пасада міру і заклікаў Украінскую Грэка-Каталіцкаю Царкву быць побач з насельніцтвам.
Першаіерарх Святаслаў падзякаваў Яго Святасці Францішку за ўсё, што было зроблена для спынення вайны, вызвалення закладнікаў і палонных, а таксама атрымаў запэўненне Папы ў тым, што ён не перастае быць побач з украінскім народам у малітве і на справе.
Вярхоўны Архіепіскап прынёс на аўдыенцыю асколак расійскай міны, якая ў сакавіку 2022 года разбурыла фасад грэка-каталіцкага храму ў Ірпіне. Ён падзяліўся тым, што бачыў на тэрыторыях найбольш пацярпелых ад вайны. “Я распавёў Папу аб служэнні нашых біскупаў, святароў, законнікаў і законніц на акупаваных тэрыторыях. Я патлумачыў, што кожны наш сабор, царква і манастыр сталі цэнтрамі прытулку, прыёму і гуманітарнай дапамогі,” – прызнаўся Першаіерарх. -Паводле: Марыя Валодзіна – Vatican News