Таямніца Хрыста ў нас і ў Царкве Мы павінны працягваць і дапаўняць у сабе збаўчую справу Хрыста; пав…

Таямніца Хрыста ў нас і ў Царкве

Мы павінны працягваць і дапаўняць у сабе збаўчую справу Хрыста; павінны прасіць Яго часта, каб Ён канчаткова здзейсніў яе ў нас і ва ўсёй Царкве.

Бо таямніцы Ісуса яшчэ не дасягнулі стану канчатковай і поўнай дасканаласці. Яны дасягнулі гэтага ў асобе Ісуса, але не ў нас, Яго членах, і не ў Царкве, якая з’яўляецца Яго Містычным целам. Але ў той жа час Божы Сын хоча перадаць нам, нібы развіваючы і працягваючы свае таямніцы ў нас і ва ўсёй сваёй Царкве пры дапамозе ласкаў, якія хоча нам удзяліць, а таксама вынікаў, якіх хоча дасягнуць у нас дзякуючы гэтым таямніцам.

Таму св. Павел вучыць, што Хрыстос знаходзіць спаўненне ў сваёй Царкве, што мы ўсе прычыняемся да Яго будовы, да часу Яго паўнаты, гэта значыць да містычнага часу, які належыць Яму ў Містычным целе; сваёй паўнаты гэты век дасягне толькі ў дзень суда. У іншым месцы Апостал кажа, што ён дапаўняе недахоп у сваім целе пакутаў Ісуса Хрыста (пар. Клс 1, 24).

Так Сын Божы вырашыў здзейсніць у нас усе справы і таямніцы свайго жыцця і праз гэта споўніць іх. Хоча дапоўніць у нас таямніцу свайго ўцелаўлення, нараджэння, укрытага жыцця, пачынае жыць у нас і нараджаецца ў нашых душах праз таінства хросту і Найсвяцейшай Эўхарыстыі, а таксама робіць так, што мы пачынаем весці духоўнае жыццё, схаванае з Ім у Богу.

Хоча дапоўніць у нас таямніцу сваёй мукі, дазваляючы нам цярпець, паміраць і ўваскрасаць з Ім і ў Ім. Урэшце, хоча дапоўніць у нас стан свайго слаўнага і несмяротнага жыцця ў небе, калі ўчыніць так, што мы будзем з Ім і ў Ім вечна жыць у нябеснай хвале. Таксама іншыя станы і таямніцы Хрыстос хоча ажыццявіць і дапоўніць у нас, а таксама ў сваёй Царкве, ахвяруючы іх нам, дазваляючы ўдзельнічаць у іх, працягваючы іх у нас і пашыраючы.

Таму таямніцы Хрыста не дасягнуць сваёй паўнаты аж да таго часу, які Ён сам вызначыць для канчатковага іх спаўнення ў нас і ў сваёй Царкве, гэта значыць аж да канца свету.

Св. Ян Эд