На сваёй штотыднёвай агульнай аўдыенцыі 11 студзеня 2023 г. Папа Францішак узгадаў пра змучаную вайной Украіну і Беларусь.
На гэтай агульнай аўдыенцыі Папа пачаў новую серыю катэхез на тэму евангелізацыі і апостальскай руплівасьці, нагадваючы, як Хрыстова Царква была народжана з місійным запалам, пасланым Духам Сьвятым, каб праліць сьвятло Хрыстова на кожную зямлю і народ аж да краёў зямлі.
Вітаючы пілігрымаў у Зале аўдыенцыяў Паўла VI у Ватыкане, Папа Францішак казаў пра тое, што апостальская руплівасьць, місіянерства зьяўляюцца «кіслародам хрысьціянскага жыцьця», які ажыўляе і ачышчае. Яна ёсьць мерай духоўнага здароўя Царквы.
Папа сказаў, што нам ня трэба чакаць, пакуль мы станем «дасканалымі» або «пройдзем доўгі шлях» у насьледаваньні Ісуса, каб пачаць сьведчыць пра Яго. Таму «нашае прапаведаваньне пачынаецца сёньня, там, дзе мы жывём», і перш за ўсё – праз нашае «штодзённае сьведчаньне прыгажосьці Любові, якая глянула на нас і падняла нас».
Напрыканцы агульнай аўдыенцыі Папа Францішак папрасіў усіх памятаць у сваіх думках і малітвах пра «змучаную Ўкраіну, якая заўсёды ў нашых сэрцах», і пра людзей, якія перажываюць «жорсткія пакуты». Затым Рымскі Архірэй падышоў да іконы Маці Божай Жыровіцкай, вядомай у Рыме як Madonna del Popolo. У Беларусі яна здаўна вядомая як Валадарка Беларускага народу, урачыста каранаваная залатымі папскімі каронамі 19 верасьня 1730 г. Цудатворная копія гэтай іконы знаходзіцца ў рымскай царкве сьвятых Сяргея і Вакха, якая на працягу стагоддзяў належала манахам-базыльянам, а цяпер зьяўляецца катэдральным храмам Апостальскага экзархату для ўкраінскіх грэка-католікаў у Італіі.
Папа паведаміў сабраным на аўдыенцыю пілігрымам: «А цяпер я правяду некалькі хвілінаў у цішы перад абразом Маці Божай Народнай, які ўшаноўваецца ў Беларусі, молячыся за гэтую ўлюбёную краіну і за супакой. Запрашаю вас духоўна аб’яднацца ў гэтай маёй малітве». Пасьля кароткай малітвы ў цішы Папа памаліўся «Ойча наш» разам з некалькімі тысячамі пілігрымаў.