14 лютага 2023 г., калі Каталіцкая Царква адзначае ўрачыстасьць сьвятых Кірылы і Мятода, Апосталаў…

14 лютага 2023 г., калі Каталіцкая Царква адзначае ўрачыстасьць сьвятых Кірылы і Мятода, Апосталаў славянаў і заступнікаў Еўропы, а вернікі ўсходняга абраду ўспамінаюць перастаўленьне сьв. Кірылы, Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) маліўся ў Рыме ў базыліцы сьв. Клімента ля магілы сьвятога Кірылы.

Паводле традыцыі штогод ва ўрачыстасьць сьв. Кірылы і Мятода, у гадавіну сьмерці сьв. Кірылы, у базыліцы сьвятога Клімента ў Рыме, дзе ў 869 г. спачыў і быў пахаваны гэты сьвяты, прадстаўнікі славянскіх краінаў, на якія распаўсюджвалася місія салунскіх братоў, па чарзе ладзяць падзячныя набажэнствы ў гонар настаўнікаў славянаў. У гэтым годзе памінальныя ўрачыстасьці ладзіла Чэхія і чэшскі папскі каледж «Непамуцэнум» (Nepomucenum), які знаходзіцца ў Рыме.

У базыліцы сьв. Клімента адбылася сьвятая Імша за мір у Еўропе, якую ўзначаліў Адміністратар Оламаўцкай архідыяцэзіі біскуп Юзаф Нузік з Чэхіі. Разам з ім маліліся грэка-каталіцкія біскупы з Славакіі Браціслаўскі япарх і Апостальскі адміністратар sede vacante Прэшаўскай архіяпархіі Пётар Руснак, а таксама япарх Кошыцкі Кірыла Васіль SJ, новы дапаможны біскуп Браціслаўскай япархіі Мілан Лах SJ, каля сотні сьвятароў і дыяканаў разам з шматлікімі вернікамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу з Чэхіі, Славакіі, Украіны, Беларусі і Славеніі.

Напрыканцы сьв. Імшы ўдзельнікі ўрачыстасьці працэсіяй прайшлі ў старажытныя сутарэньні базылікі сьв. Клімента, дзе пахаваны сьв. Кірыла. На яго магіле прагучала малітва за мір у Еўропе і асабліва ва Ўкраіне.