Ці хочаш даведацца, чаму ты ўшанаваны яшчэ большымі дарамі? Габрэі не маглі тады сузіраць услаўлены твар Майсея, які аднак быў разам з імі нявольнікам і належаў да іхняга роду, а ты бачыў Хрыстова аблічча ў славе Ягонай. Таму Павел усклікае, кажучы: «Мы з адкрытым тварам ўглядаемся ў славу Госпада» (пар. 2 Кар 3, 18).
Разам з габрэямі ішоў тады Хрыстос, аднак яшчэ больш праўдзіва Ён ідзе цяпер з намі; бо тады Госпад суправаджаў іх праз ласку, дадзеную Майсею, а цяпер спадарожнічае нам не толькі праз ласку Майсея, але таксама дзякуючы вашай паслухмянасці. Пасля выйсця з Егіпта яны апынуліся ў пустыні, а цябе пасля смерці чакае неба. Выдатным правадыром і ўладаром для іх быў Майсей, а для нас – іншы Майсей, сам Бог, Правадыр і Валадар.
Чым жа адзначаўся Майсей? Як кажа Святое Пісанне, гэта быў самы лагодны з усіх людзей, якія жылі на зямлі (пар. Ліч 12, 3). Гэтую рысу мы можам беспамылкова прыпісаць нашаму Майсею, бо Ён мае ў сабе наймілейшага і глыбока адзінасутнага з Ім Духа. Майсей узносіў рукі ў неба, адкуль выпрошваў манну – спажытак анёлаў; а наш Майсей уздымае рукі да неба і прыносіць нам вечны спажытак. Той Майсей ударыў у скалу і адкрыў струмень вады; гэты дакранаецца да алтара, б’е ў духоўны стол і выпускае з яго крыніцы Духа. Таму пасярод гэтага стала ёсць нібы крыніца, каб адусюль да гэтай крыніцы сыходзіліся статкі і ажыўляліся яе збаўчымі водамі.
Паколькі ў нас ёсць такая крыніца і такое багацце жыцця, а наш стол перапаўняецца незлічонымі дабротамі і ўзбагачае нас духоўнымі дарамі, будзем са шчырым сэрцам і чыстым сумленнем падыходзіць да яе, каб у адпаведны час атрымаць ласку міласэрнасці. Ласка і міласэрнасць Адзінароднага Сына, нашага Госпада і Збаўцы Ісуса Хрыста, праз Якога і з Якім Айцу і жыватворнаму Духу слава, пашана і ўлада цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Св. Ян Залатавусны