Евангелле на Вялікі Чацвер«І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне. …

Евангелле на Вялікі Чацвер

«І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне. Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе? А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне; зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца. У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў. А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё. І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе; бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў. Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго. І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную. Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: “пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі”. А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі. У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся. Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі. Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там. І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца. Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною. І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты» (Мацьвея 26:21-39).