Хлеб вырабляецца з многіх зярнят пшаніцы, змолатых у муку, якая разводзіцца з вадою і выпякаецца на …

Хлеб вырабляецца з многіх зярнят пшаніцы, змолатых у муку, якая разводзіцца з вадою і выпякаецца на агні. У гэтым вобразе слушна можна ўбачыць Цела Хрыстова, якое, як ведаем, утварае з мноства людзей усяго чалавечага роду адно цела, якое агонь Духа Святога даводзіць да дасканаласці.

Хрыстос нарадзіўся ад Духа Святога і, паколькі Яму належала споўніць усё справядлівае, Ён уваходзіць у воды хросту, каб асвяціць іх, а потым, поўны Духа Святога, Які сышоў на Яго ў выглядзе голуба, вярнуўся з Ярдана, як сведчыць Евангеліст: «Ісус, напoўнены Духaм Святым, вярнуўся з Ярдaна» (Лк 4, 1).

Падобнае можна сказаць і пра віно Хрыстовай Крыві. Сабраная з многіх гронак вінаградніку, пасаджанага Ім, і выціснутая ў давіле крыжа, яна бродзіць дзякуючы ўласнай моцы ва ўмяшчальным посудзе верных сэрцаў тых, хто яе прымае.

Усе вы, што выйшлі з-пад улады Егіпта і фараона-д’ябла, з пабожнаю прагнасцю сэрца паразважайце разам з намі над гэтай збаўчай таямніцай Пасхі, каб наш Госпад Ісус Хрыстос, Які, як верым, прысутнічае ў сваіх Дарах, асвяціў глыбіні нашай душы. Яго нязмерная сіла трывае ва ўсе вякі.

Св. Гаўдэнцый