У суботу 27 мая 2023 г. ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце прайшла ўрачыстасць у гонар Маці Божай Брэсцкай. Яе ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Антэ Ёзіч.
Перад св. Імшой вернікі брэсцкай грэка-каталіцкай парафіі святых Братоў Апосталаў Пятра і Андрэя і пілігрымы адспявалі Акафіст да Багародзіцы перад Яе цудадзейнай Іконай.
Цудадзейны абраз Маці Божай Брэсцкай стаў першым у сучаснай гісторыі Касцёла на Беларусі Марыйным абразом, каранаваным папскімі каронамі – у 1996 г.
Святую Імшу ўзначаліў Архібіскуп Антэ Ёзіч у саслужэнні Біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі і Апостальскага Адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея (Гаека), разам з святарамі двух абрадаў.
Перад выездам з Брэста Архібіскуп Антэ наведаў храм брэсцкай грэка-каталіцкай парафіі, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі парафіі на кароткай малітве ды ўдзеліў пастырскае блаславенне ўсім парафіянам.
“На многія леты, Высокадастойны Уладыка!”