Дарогай ёсць сам Хрыстос і таму кажа: «Я – дарога» (Ян 14, 6). Гэта сапраўды так, бо «праз Яго мы маем доступ да Айца» (Эф 2, 18).
Аднак паколькі гэтая дарога не аддзелена ад мэты, а нават злучана з ёй, таму дадае: «… і праўда, і жыццё». Госпад − гэта дарога і мэта дарогі. Як чалавек з’яўляецца дарогай, як Бог − мэтаю. Адзін і другі выраз дакладна акрэсліваюць мэту дарогі. Мэтаю дарогі з’яўляецца спаўненне чалавечых жаданняў. Чалавек прагне перадусім дзвюх рэчаў: найперш, што ўласціва толькі яму, пазнання праўды; па-другое, што з’яўляецца супольным для ўсіх стварэнняў, працяг свайго існавання. Хрыстос з’яўляецца дарогай да пазнання праўды, бо сам ёсць Праўдай: «Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй» (Пс 86, 11). Хрыстос з’яўляецца таксама дарогай, якая вядзе да жыцця: «Ты даў мне пазнаць дарогу жыцця» (Пс 16, 11 Vlg).
Таму менавіта мэту дарогі назваў «праўдай і жыццём». Хрыстос з’яўляецца і адным і другім. Перадусім Ён – жыццё: «У Ім было жыццё». З’яўляецца таксама праўдай, бо «жыццё было святлом людзей» (Ян 1, 4).
Калі ты задумваешся, куды ісці, трымайся Хрыста, бо Ён −дарога: «Гэта дарога, ідзіце па ёй» (Іс 30, 21). А св. Аўгустын кажа: «Ідзі праз чалавека − і дойдзеш да Бога». Лепш ісці слушнай дарогай, спатыкаючыся, чым вялікімі крокамі блукаць па бездарожжы. Хто кульгае на слушнай дарозе, сапраўды ідзе паволі, але набліжаецца да мэты. Хто ж блукае па бездарожжы, чым хутчэй ідзе, тым больш аддаляецца ад мэты.
Калі задумваешся, куды ісці, з’яднайся з Хрыстом, бо Ён − праўда, якой ты хочаш дасягнуць: «Мае вусны будуць разважаць Тваю праўду» (Прып 8, 7). Калі ты задумваешся, як працягнуць сваё існаванне, з’яднайся з Хрыстом, бо Ён − жыццё: «Хто знойдзе Мяне, той знойдзе жыццё і атрымае збаўленне ад Госпада» (Прып 8, 35).
Таму будзь разам з Хрыстом, калі хочаш быць у бяспецы; тады не заблукаеш, бо Ён − дарога. Таму тыя, хто з Ім, не блукаюць, але ідуць адпаведнай дарогай. Не могуць памыліцца, бо Ён − праўда і вучыць усёй праўдзе. Бо кажа: «Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе» (Ян 18, 37). Яны не могуць таксама засумнявацца, бо Ён − жыццё і дае жыццё, як сказаў: «Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку» (Ян 10, 10).
Св. Тамаш Аквінскі