У Берасьці па традыцыі, у апошнюю суботу чэрвеня – 24 чэрвеня 2023 году – адзначалі сьвята апекуноў мясцовай грэка-каталіцкай парафіі – сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, заступнікаў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу.
Таксама ў гэты дзень парах берасьцейскай парафіі а. Ігар Кандрацьеў адзначаў 35-годдзе свайго сьвятарскага служэньня. А яшчэ сёлета мінула 30 гадоў з часу афіцыйнай рэгістрацыі берасьцейскай грэка-каталіцкай парафіі ў органах улады, 28 з якіх парахам у ёй зьяўляецца а. Ігар Кандрацьеў.
У 29-гадовым узросьце, 24 ліпеня 1988 году, калі сьвяткавалася 1000-годдзе хрышчэньня Русі, сьвятарскія сьвячаньні яму ўдзяліў архібіскуп Міхаіл Мудзьюгін. Перад тым Ігар Кандрацьеў пару гадоў нёс служэньне дыякана і іканапісца. З 1995 году а. Ігар Кандрацьеў у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.