Айцец Аляксандр з 1961 г. быў адным з кіраўнікоў беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лондане.
Ад 1971 г. кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Ф. Скарыны. У 1981 г. стаў на чале Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. 30 чэрвеня 1986 г. быў прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы.
Стваральнік і кіраўнік Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі. Аўтар шэрагу перакладаў літургічных тэкстаў на беларускую мову, публікацыяў з гісторыі беларускай царквы і культуры. Быў ганаровым доктарам Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.
Дзень 11 сакавіка 1990 г., калі а. Аляксандр Надсан адслужыў у Мінску па-беларуску Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе, можа быць прызнаны за дату аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. Служба адбылася ў касцёле на Кальварыйскіх могілках.
Памёр 15 красавіка 2015 года ў Лондане. Пахаваны на Лонданскіх могілках Святога Панкрата.