Апостал Мацей быў выбраны на месца Юды. Разам з апосталамі прыняў Духа Святога. Традыцыя кажа, што прапаведваў Хрыста ў Эфіопіі, а потым у Калхідзе. Невядома дакладна, як ён памёр, але ўсе крыніцы згодна пераказваюць, што гэта была смерць мучаніка.
Маці Канстанціна Вялікага Алена прывезла рэліквіі апостала ў Рым. Існуе дзве версіі далейшага іх лёсу. Паводле адной яны знаходзяцца ў базіліцы Санта Марыя Маджорэ. Іншая версія цвердзіць, што яны знаходзяцца ў горадзе Трэвір і ў блізкім ад яго бенядыктынскім абацтве.
«Дык трэба, каб адзін з тых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль уваходзіў і выходзіў з намі Госпад Ісус, пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у які Ён быў узяты ад нас, каб стаўся адзін з іх разам з намі сведкам уваскрэсення Яго». І прызначылі двух: Язэпа, называнага Барсабам, па мянушцы Справядлівы, ды Мацея. І ў малітве прасілі: «Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, якога аднаго з гэтых двух выбраў заняць месца той паслугі і Апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб адысці на сваё месца». І кінулі між імі жэрабя, і жэрабя выпала на Мацея, і ён быў далучаны да адзінаццаці Апосталаў.» (Дзеі 1:21-26)