10 жніўня Царква ўшаноўвае памяць святых мучанікаў архідыякана Лаўрэнція, Сікста ІІ, Папы Рымскага і…

10 жніўня Царква ўшаноўвае памяць святых мучанікаў архідыякана Лаўрэнція, Сікста ІІ, Папы Рымскага і інш., якія панеслі мучаніцкую смерць у 258 годзе, неўзабаве пасля таго, як імператар Валерыян (253-260) выдаў загад пра пераслед хрысціянаў. Паводле гэтага загаду ўсе біскупы, прасвітары і дыяканы мусілі памерці.

Мы, браты, калі сапраўды любім, то наследуем Збаўцу. Мы не можам прынесці больш прыгожага плёну любові за прыклад наследавання Хрыста. «Бо і Хрыстос цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб вы ішлі следам за Ім» (1 П 2, 21). У гэтым выказванні, як падаецца, Апостал хацеў сказаць, што Хрыстос цярпеў толькі за тых, хто ідзе следам за Ім, і што Мука Хрыста можа дапамагчы толькі тым, хто ідзе за Ім. Так пайшлі за Ім святыя мучанікі аж да праліцця крыві, аж да наследавання праз пакуты. Але не толькі яны. Шлях не закрыўся, калі яны прайшлі, і не высахла крыніца, калі яны з яе зачэрпнулі. Ёсць, браты мае, ёсць у садзе Госпада не толькі ружы мучанікаў, але і лілеі дзеваў, плюшч сужэнцаў, фіялкі ўдоваў. Ніхто з людзей, умілаваныя, не павінен сумнявацца ў сваім пакліканні. Бо Хрыстос цярпеў за ўсіх. Справядліва пра Яго напісана: «Ён хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4).

Таму мы жадаем зразумець, як яшчэ, акрамя праліцця крыві і мукаю, хрысціянін павінен наследаваць Хрыста. Апостал кажа пра Хрыста Госпада: «Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам». Якая веліч! «Але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек…» (Флп 2, 6-8). Што за прыніжэнне!

Хрыстос прынізіў сябе: вось, хрысціянін, ты маеш прыклад для наследавання. Хрыстос стаў паслухмяным. Чаму ж ты ўзвышаешся? Урэшце, прайшоўшы ўсе ступені прыніжэння і атрымаўшы перамогу над смерцю, Хрыстос узышоў на неба: пойдзем за Ім. Паслухаем Апостала, які кажа: «Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога» (Клс 3, 1).

Св. Аўгустын