16 жніўня адзначаецца сьвята перанясеньня Нерукатворнага вобразу Госпада нашага Ісуса Хрыста з Эдэсы ў Канстанцінопаль
Паводле традыцыі сірыйскі цар Аўгар, які пакутваў на страшэнную хваробу, уведаўшы пра Ісуса, паслаў свайго пасланьніка з просьбай пра ацаленьне і загадам напісаць ягоны партрэт. Хрыстос, пачуўшы ад пасланьніка пра ягонае заданьне, умыў твар і абцёрся палатном, на якім адбіўся вобраз Хрыста. Цар быў аздароўлены апосталам Тадэем, які быў пасланы Хрыстом у Сірыю.
Паводле паданьня і гістарычных сьведчаньняў Нерукатворны вобраз Ісуса Хрыста доўга захоўваўся у Эдэсе, сталіцы колішняга царства Аўгара. Некаторыя дасьледчыкі выводзяць паходжаньне эдэскага вобразу ад плашчаніцы, у якую быў загорнуты Хрыстос пасьля сьмерці, і настойваюць, што цяпер ён знаходзіцца ў Турыне.