У хуткім часе пасля І падзелу Рэчы Паспалітай у Расійскай імперыі пачаўся перавод уніятаў у правасл…

У хуткім часе пасля І падзелу Рэчы Паспалітай у Расійскай імперыі пачаўся перавод уніятаў у праваслаўе. Папа Рымскі напісаў імператрыцы Кацярыне ІІ ліст, у якім выступіў у абарону Уніяцкай Царквы на Беларусі. Кацярына ІІ адказала, што для таго, каб выратаваць унію, Папа Рымскі павінен стаць паслухмяным выканаўцам волі расійскай імператрыцы.

У 1794 г. быў прыняты ўказ аб ліквідацыі ўсялякіх перашкод для пераводу ўніятаў у праваслаўную веру. Склалася цяжкае становішча, бо ўніяцкія святары былі матэрыяльна залежнымі ад сваіх прыходаў. Таму некаторыя з іх вымушаны былі змяняць сваю веру разам з прыхаджанамі. Аднак многія адмаўляліся пераходзіць. Некаторыя праводзілі службу ў рыма-каталіцкіх капліцах або ў сваіх былых цэрквах, нягледзячы на тое, што яны былі ўжо занятыя праваслаўнымі святарамі.

6 верасня 1795 г. расійскія ўлады выдалі ўказ, паводле якога ўніяцкаму духавенству, якое страціла свае прыходы, дазваляўся выезд за мяжу, а тым, хто заставаўся, выдзялялася пенсія ў памеры ад 50 да 100 руб. на ўтрыманне сям’і.