Якім жа з’яўляецца вучэнне Хрыста, паказваюць Яго ўласныя словы: тыя, хто прагне дайсці да вечнага шчасця, няхай імкнецца пазнаць ступені гэтага блаславёнага ўзыходжання. «Шчаслівыя, – кажа, – убогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 3). Можна было б задумвацца, пра якіх убогіх кажа Ісус, калі кажа «шчаслівыя ўбогія». Ён не зазначыў, як трэба разумець гэтае ўбоства. Можа здавацца, што для дасягнення Нябеснага Валадарства дастаткова той нястачы, з якой сутыкаюцца многія ў выніку пастаяннай і цяжкой галечы. Аднак, калі кажа: «Шчаслівыя ўбогія духам», – Госпад паказаў, што Нябеснае Валадарства будзе дадзена тым, хто вылучаецца найбольш пакораю, а не нястачай матэрыяльных дабротаў.
Св. Лявон Вялікі