5 ВЕРАСНЯ – літургічны Успамін св. МАЦІ ТЭРЭЗЫ з Калькуты. =Агнес Гонджа Баяджыу (Agnes Gonxha Bojax…

5 ВЕРАСНЯ – літургічны Успамін св. МАЦІ ТЭРЭЗЫ з Калькуты. =Агнес Гонджа Баяджыу (Agnes Gonxha Bojaxhiu) нарадзілася 27 жніўня 1910 года ў горадзе Ускюб (цяпер Скоп’е, сталіца Паўночнай Македоніі). Была албанскага паходжання. У 12 гадоў яна адчула пакліканне да манаскага служэння. Праз шэсць гадоў далучылася да Сясцёр з Ларэта ў Ірландыі, узяўшы манаскае імя Тэрэза. Навіцыят прайшла ў Індыі. Там з 1929 года працавала ў каталіцкай школе для дзяўчат у Калькуце, дырэктарам якой пазней стала. =У 1946 годзе яна пачула Божы заклік дапамагаць бедным і пакінутым. У 1948 годзе апранула характэрнае белае сары з сіняй аблямоўкай і са згоды папы Пія XII выйшла на вуліцы Калькуты, каб дапамагчы пракажоным, паміраючым і пакінутым дзецям. Да канца працавала, дапамагаючы людзям, заўсёды заклікала да павагі да годнасці іншага чалавека, дзе актыўна выступала супраць абортаў, эўтаназіі і кантрацэпцыі. =У 1950 сястра Тэрэза заснавала Кангрэгацыю Сясцёр Місіянерак Міласэрнасці, якія кіруюць дзіцячымі дамамі, дамамі для хворых і паміраючых у Індыі і па ўсім свеце. У 1979 годзе за сваю працу яна атрымала Нобелеўскую прэмію міру. Памерла ад сардэчнага прыступу 5 верасня 1997 года ў Калькуце. = Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў яе 19 кастрычніка 2003 г. Ніколі яшчэ ў сучаснай гісторыі хрысціянства ніхто не быў узнесены да хвалы алтароў так хутка, усяго праз 6 гадоў пасля смерці. Кананізаваная 4 верасня 2016 г. =Віншуем Сястры Маці Тэрэзы, якія мужна і ахвярна служаць ў Гомелі.