«Ойча, праслаў імя Твае!» І азваўся голас з неба: «І праславіў, і яшчэ праслаўлю!» А людзі, што стаялі і чулі, казалі, што загрымела; а іншыя казалі: «Анёл прамовіў да Яго».
Адказаў Ісус і сказаў: «Не дзеля Мяне азваўся голас гэты, але дзеля вас. Цяпер суд гэтаму свету, цяпер князя гэтага свету выганяць вон; а Я, калі буду падняты над зямлей, усіх прыцягну да Сябе». А казаў гэта, вызначаючы, якою смерцю мае памерці.
Адказаў Яму натоўп: «Мы чулі з закону, што Хрыстос трывае вечна; а як жа Ты кажаш: “Трэба, каб быў падняты Сын Чалавечы”? Хто гэты Сын Чалавечы?»
Сказаў ім тады Ісус: «Яшчэ толькі кароткі час будзе святло сярод вас; хадзіце, пакуль маеце святло, каб вас цемра не агарнула; бо хто ў цемры ходзіць, не ведае, куды ідзе. Пакуль маеце святло, верце ў святло, каб былі вы сынамі святла». Гэта сказаў Ісус і адышоў, ды схаваўся ад іх.
(Евангелле паводле Яна 12:28-36)