2 кастрычніка 1975 г. у Лондане памёр а. Тамаш Падзява, выдатны рэлігійны і культурна-асветны дзеяч…

2 кастрычніка 1975 г. у Лондане памёр а. Тамаш Падзява, выдатны рэлігійны і культурна-асветны дзеяч, філосаф, навуковы супрацоўнік, публіцыст, вязень сталінскага лагеру.

Ён нарадзіўся ў 1906 г. на Браслаўшчыне ў сялянскай сям’і. Гэта была вельмі пабожная сям’я, таму і не дзіва, што яна дала Царкве ажно трох святароў: марыянаў Тамаша і Антона, а таксама салезіяніна Альфонса.

Тамаш прыняў таінства святарства ў грэка-каталіцкім абрадзе ў Рыме ў 1934 г., а з 1935 г. быў удзельнікам усходняй каталіцкай місіі ў Харбіне, якая пасля ўваходу ў Кітай Чырвонай Арміі была ліквідаваная, а яе ўдзельнікі арыштаваныя ў 1948 г. Усім святарам ставілася ў віну арганізацыя тэрарыстычнай групы, агітацыя супраць СССР і шпіянаж на карысць Ватыкана. За ўвесь гэты набор «злачынстваў» святары атрымалі суровы прысуд — па 25 гадоў сталінскіх лагераў. Да 1955 году ён перабывае ў лагеры ў Тайшэце.

Пасля вызвалення ў 1955 г. а. Тамаша высылаюць у Польшчу, дзе ён у семінарыі марыянаў выкладае філасофію. У 1969 г. айцец удзельнічаў у генеральнай капітуле марыянаў у Рыме, адкуль быў накіраваны ў Лондан, дзе працуе ў Беларускай каталіцкай місіі. Памёр а. Тамаш у 1975 г. ад хваробы сэрца.