Сімвал веры – невялікі тэкст, які вымаўляецца падчас Літургіі і іншых богаслужэнняў. У ім вельмі коратка, але вельмі дакладна выкладаюцца галоўныя палажэнні хрысціянскай веры. Якія гэта ісціны? Пра Бога як пра Творцу ўсяго існага, пра Ісуса Хрыста як пра Сына Божага, Які стаў Чалавекам дзеля нашага збаўлення, пра Святога Духа, Які гаварыў праз прарокаў, пра Царкву, хрышчэнне, будучае ўваскрасенне мёртвых і жыццё будучага веку.
Звычай прамаўляць кароткае вызнанне веры быў першапачаткова звязаны з таінствам хросту — чалавек, які прымаў гэтае таінства і такім чынам далучаўся да Царквы, павінен быў урачыста перад абліччам сведкаў абвясціць, што падзяляе дадзеную веру, у што канкрэтна ён верыць.
У тым выглядзе, у якім мы яго ведаем цяпер, Сімвал веры склаўся ў эпоху супрацьстаяння ерасям – ілжэвучэнням, якія скажалі веру апосталаў. Ерэтыкі адмаўлялі альбо паўнату Боства ў Хрысце, альбо паўнату Яго чалавечай прыроды, альбо іншыя прынцыповыя ісціны хрысціянскай веры. Таму Царква, каб абараніць сваё вучэнне ад падмены або скажэнняў, выклала яго ў старанна складзеных фармулёўках гэтага кароткага тэксту.