15 лістапада 2008 г., у межах сімпозіума «Слова Божае жывое і дзейснае», у крыпце мінскага касцёла …

15 лістапада 2008 г., у межах сімпозіума «Слова Божае жывое і дзейснае», у крыпце мінскага касцёла святых Сымона і Алены адбылася закладка капсулы з прахам Гая Пікарды, вядомага беларусазнаўцы і даследчыка гісторыі беларускай духоўнай музыкі. Святую Імшу цэлебравалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч разам з Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі Архімандрытам Сяргеем Гаекам.

Гай Пікарда з’яўляўся нязменным членам журы Міжнароднага хрысціянскага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа». Як беларусазнаўца і даследчык беларускай культуры ён быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

Пяру вялікага прыхільніка беларускай мовы і паэзіі належаць шматлікія артыкулы, прысвечаныя Францыску Скарыну і сімволіцы ў яго творах, а таксама рэцэнзіі, змешчаныя ў лонданскім квартальніку «The Byelorussian Studies». Гай Пікарда таксама займаўся выданнем часопіса пра беларускую культуру «The Byelorussian Chronic». Пры жыцці даследчыка не была апублікавана галоўная яго праца — зборнік «Залатая Беларусь».

У сваім тэстамэнце Гай Пікарда выказаў пажаданне быць пахаваным у адной з мінскіх святыняў.