7 снежня 2016 г. у Яраслаўлі (Расія) памёр а. Віктар Данілаў, святар Грэка-Каталіцкай Царквы з 1976 г.; вязень ГУЛАГу ў 1948—1955, настаяцель грэка-каталіцкай парафіi Маці Божай Фацімскай у Гродне. За місіянерскую дзейнасць і святарскае служэнне Папа Рымскі св. Ян Павел ІІ узнагародзіў яго залатым Крыжам «Pro Ecclesia et Pontifice (За заслугі перад Царквой і Папам)».
У сваёй кнізе “Мой шлях да Бога і да Каталіцкай Царквы” а. Віктар Данілаў дзеліцца тым, як ва ўмовах недахопу рэлігійнай інфармацыі можна было з атэіста стаць перакананым хрысціянінам. Вырашальным на гэтым шляху было імкненне да праўды, жаданне зразумець сэнс чалавечага існавання і вялікая праца над сабой. Гэтая кніга — сведчанне чалавека, які больш за ўсё палюбіў праўду і цалкам прысвяціў сваё жыццё служэнню гэтай праўдзе.