Анёлы радасна абвяшчаюць пры Нараджэнні Госпада: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Анёлы бачаць, як з усіх народаў зямлі будуецца нябесны Ерусалім. Калі так радуюцца анёлы ў небе, то як жа павінны радавацца людзі на зямлі гэтай невыказнай справе Божай любові?
Таму, умілаваныя, падзякуем Богу Айцу праз Яго Сына ў Духу Святым, Які ў сваёй вялікай міласэрнасці палюбіў нас і змілаваўся над намі. І хоць мы былі мёртвыя з прычыны граху, Бог ажывіў нас разам з Хрыстом (пар. Эф 2, 5), каб мы сталі ў ім новым стварэннем.
Таму адкінем «ранейшыя паводзіны і свайго старога чалавека» (Эф 4, 22), атрымаўшы ўдзел у патомстве Хрыстовым, адрачэмся ад справаў цела.
Прызнай, о хрысціянін, сваю годнасць і, стаўшы саўдзельнікам Божай сутнасці, пачварнымі паводзінамі не вяртайся да ранейшай грахоўнасці. Памятай, часткай чыёй Галавы і чыйго цела з’яўляешся. Прыгадай, што цябе вырвалі з улады цемры і перанеслі ў святло Божага Валадарства.
Праз таінства хросту ты стаў святыняю Духа Святога, таму не выганяй з сябе такога жыхара сваімі благімі ўчынкамі і не паддавайся зноў няволі д’ябла. Бо водкуп за цябе – гэта Хрыстова Кроў.
Св. Лявон Вялікі