МАЛІТВА.
“Святы анёле,
Заступніку Боскае волі,
Ахоўца мае зямное няволі,
I ў цішы, і ў гамане
Не адыходзь ад мяне,
Адвядзі ад душы мае стому,
Не дай духу злому
Смяротным целам маім
Завалодаць самохаць,
Не дай мой клёк запалохаць.
Дай моцы сіле маёй,
Зняможанай а слабой,
Боль незаслужаны патушы,
Застацца самім сабой
Дазволь мне, ахоўца мае душы.
На шлях збаўлення мяне скіруй,
Калі дзе паддаўся мане, даруй.
Як чым зграшыў мінулай начы,
Гэтага дня заступіся,
Дапамажы спакусу перамагчы.
Каб груган зайздрослівасці
У душы мае гняздо не савіў.
Каб Госпада я не ўгнявіў.
Каб верны быў я
Крывіцкай святой старане,
Мове матчынай —
Як найраднейшай балючай радні.
Анёле, маліся да Госпада,
Каб зрабіў мяне
Слугою Свае дабрыні.
Каб палымнеў, а не палынеў
Твой напамін. Амін.”
( РЫГОР БАРАДУЛІН )