ГІСТАРЫЧНАЕ ВЫДАННЕ СКАРЫНЫ.
9 студзеня (1518 г.)
506 гадоў з дня выхаду пражскага выдання Францыска Скарыны – кнігі “ПЕСНЯ ПЕСНЯМ” (“Книга премудраго царя Соломона рекома Песнь песнямъ”) Гэта зборнік інтымна-лірычных песень, ён уваходзіць у склад Старога Запавету.
Кніга пачынаецца тытульным лістом з гравюрай, назвай, указаннем: “Зуполне выложена на руский языкъ докъторомъ Францискомъ Скориною з Полоцька”. У прадмове Ф.Скарына тлумачыць назву кнігі, яе змест, у пасляслоўі дае кароткую анатацыю, а таксама ўказвае выдаўца і месца выдання. Мастацкая аздоба – гравюра “Хрыстос і нявеста”, 2 застаўкі, канцоўка і 10 ініцыялаў. Гэта адзінае пражскае выданне Ф.Скарыны, у якім выкарыстаны двухфарбавы друк: чырвоным колерам набраны загалоўкі, прадмовы, частка тэксту і інш. Цяпер захавалася 9 экзэмпляраў кнігі і толькі адзін з іх поўны.