У гэты дзень адбываецца ўшанаваньне кайданаў, якімі быў прыкуты сьвяты апостал Пётра, калі тэтрарх Ірад Агрыпа за імя Хрыстовае каля 42 году кінуў яго ў вязьніцу. (Дз 12.1-11). У вязьніцы ён быў закуты двума жалезнымі ланцугамі. Уначы, напярэдадні суда над ім, анёл Гасподні зьняў з Пятра гэтыя ланцугі і вывеў яго з вязьніцы. Хрысьціяне, даведаўшыся пра гэтае цудоўнае вызваленьне апостала Пятра, захавалі гэтую рэліквію.
Спачатку кайданы апостала Пятра схаваў начальнік турмы, які стаў хрысьціянінам. У часы праўленьня імператара Канстанціна Вялікага яны знаходзіліся ў храме Ўваскрасеньня Хрыстова ў Ерусаліме. Патрыярх Ювеналь падараваў іх жонцы візантыйскага імператара Тэадосія Малодшага Еўдакіі, якая ў 439 годзе перанесла іх у Канстанцінопаль.
Пачэсныя кайданы сьвятога апостала Пятра сёньня захоўваюцца і ўшаноўваюцца вернікамі ў базыліцы сьв. Пятра ў кайданах (San Pietro in vincoli) ў Рыме. У празрыстай даразахавальніцы ў галоўным алтары храму зьмешчана частка ланцуга, дасланая сьв. Еўдакіяй з Канстанцінопаля сваёй дачцы імператрыцы Яўдоксіі ў Рым (якая перадала гэтую рэліквію папу Льву І і пабудавала храм), і кайданы, у якіх апостал Пётра ўтрымліваўся пад арыштам у Рыме.
Тыя, хто з вераю маліўся перад кайданамі сьвятога апостала Пятра, узгадваючы ягоныя пакуты за Хрыста, атрымлівалі ацаленьні ад хваробаў і абарону ад злых духаў, падобна да жанчыны, што атрымала ацаленьне, калі дакранулася да краю вопраткі Ісуса Хрыста.
Гэтае сьвята асабліва блізкае грэка-каталіцкім вернікам. Яно нагадвае, што ў мінулым уніятам за Еднасьць з Рымскім Пасадам апостала Пятра часта даводзілася плаціць кайданамі, ссылкамі і вязьніцамі. Гэта мела месца ў час перасьледу ўніятаў у царскай Расеі ды пад камуністычнымі ўладамі ў былым СССР і краінах Усходняй Еўропы.
Сёньня 16 студзеня – гэта таксама дзень малітвы за зьняволеных фізічна і духоўна (зьняволеных усялякімі залежнасьцямі: алкаголем, наркотыкамі, гульнямі і інш.).
Пётра, камень веры, паказвае нам сёньня, як вялікі скарб, свае кайданы для ацаленьня немачаў, пацяшэньня сумных, і дапамогі для ўсіх у патрэбе. Дык прыйдзіце ўсе, будзем маліць Таго, хто праславіў яго: «Малітвамі Пятра, Хрысьце, збаў душы нашыя».
(З вершапесьняў Вячэрні ў дзень сьвята).