Дзень памяці трох ерархаў і настаўнікаў Усходняй Царквы — святых Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова …

Дзень памяці трох ерархаў і настаўнікаў Усходняй Царквы — святых Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага — адзначаюць 30 студзеня. У богаслужэннях усе яны называюцца роўнаапостальнымі, слупамі Царквы і настаўнікамі сусвету.

Урачыстасць Трох Свяціцеляў ад пачатку і да сённяшняга дня з’яўляецца святам спалучэння філасофскай вучонасці і Божага Аб’яўлення.

Кожнага з іх Царква спачатку ўшаноўвала асобна: святога Васіля Вялікага — 1 студзеня; Рыгора Багаслова – 25 студзеня, а Яна Златавуснага – 27 студзеня. Але ў XI ст. канстанцінопальскі інтэлектуал, манах, а пазней мітрапаліт Ян Маўропус (+1081) уводзіць новае свята 30 студзеня, прысвечанае тром ерархам разам.

Прычына ўвядзення новага свята – спрэчкі ў Канстанцінопалі пра суадносіны эліністычнай, дахрысціянскай мудрасці і аб’яўленай Богам ісціны. На першую палову XI ст. прыпадае пік цікаўнасці ў Візантыйскай імперыі да дахрысціянскай, антычнай грэкамоўнай спадчыны, перш за ўсё да такіх філосафаў, як Платон і Арыстоцель. Такое захапленне дахрысціянскай антычнасцю выклікала супраціўленне і дыскусію з боку «традыцыйных» царкоўных колаў, якія падкрэслівалі бяссілле і нават шкоднасць антычнай філасофіі, абапіраючыся на словы апостала Паўла: “Дзе мудры? Дзе кніжнік? Дзе даследчык гэтага веку? Ці не зрабіў Бог мудрасць свету гэтага глупствам?” (1 Кар 1:20)

Пасля смерці прыхільнага да Псела імператара Канстанціна IX Манамаха (+1055), які заснаваў у Канстанцінопалі філасофскі «факультэт», пачаўся ціск на прыхільнікаў грэцкай спадчыны. І на царкоўным сінодзе ў 1077 г. былі аддадзены анафеме тыя, хто «вывучаў ілжывыя ідэі старажытнагрэцкіх аўтараў і верыў ім і выкладаў гэтыя ідэі; анафема тым, хто вывучаў грэцкія пісанні не дзеля выхавання стылю, але і следаваў за іхнімі марнымі перакананнямі». Асобна аддаецца анафеме платанізм.

Менавіта ў гэтым кантэксце ўжо пасля 1077 г. мітрапаліт Ян Маўропус увёў свята Трох Свяціцеляў. Такім чынам ён спрабуе залагодзіць канфлікт і аб’яднаць вакол гэтых постацяў як інтэлектуалаў, так і прыхільнікаў традыцыі. Для самога Міхала Псела Рыгор і Васіль з’яўляюцца тымі, хто ўдала спалучыў антычную спадчыну з хрысціянскім вучэннем, паставіўшы філасофію на службу Богу, а для праціўнікаў грэцкай мудрасці гэтыя аўтары – абаронцы дагматаў і слупы Царквы. Такім чынам Ян Маўропус, пазбягаючы крайнасцей з абодвух бакоў, прапанаваў прыклад Свяціцеляў як здаровага выкарыстання антычнай спадчыны, што не стала шляхам да ерасі. У гэтай якасці – «свята хрысціянскай вучонасці» – яно існуе ў Грэцыі і сёння.

Эдуард Берднік