1155 ГАДОЎ АД ПЕРАСТАЎЛЕННЯ СВ. КІРЫЛА САЛУНСКАГА У панядзелак, 12 лютага 2024 г., у базыліцы св. Кл…

1155 ГАДОЎ АД ПЕРАСТАЎЛЕННЯ СВ. КІРЫЛА САЛУНСКАГА
У панядзелак, 12 лютага 2024 г., у базыліцы св. Клімента ў Рыме адзначалася свята святых братоў Кірыла і Мятода, Апосталаў Славянаў і Сузаступнікаў Еўропы.
Паводле традыцыі гэтую ўрачыстасць – Перастаўленне св. Кірыла, магіла якога знаходзіцца ў крыпце базылікі – арганізуюць па чарзе папскія славянскія інстытуты ў Рыме (харвацкі, чэшскі, славацкі і славенскі). Сёлета ўрачыстасць была арганізавана Папскім харвацкім інстытутам св. Ераніма.
Св. Імшу на італьянскай мове ўзначаліў Уладыка Пётр Паліч, біскуп Мостару і Дувна. На той жа св. Імшы прысутнічалі Ўладыка Ёна (Максім) – мітрапаліт Прэшаўскі, першаерарх Грэка-Каталіцкай Царквы свайго права (sui iuris) ў Славакіі ды Апостальскі Адміністратар для грэка-католікаў Казахстана і Сярэдняй Азіі – мітрафорны протаіерэй Васіль Гавера. Канцэлебравалі рэктары рымскіх інстытутаў, выкладчыкі папскіх універсітэтаў, члены розных дыкастэрый Рымскай курыі, святары з славянскіх краінаў.
На пачатку св. Імшы рэктар Інстытута св. Ераніма Марка Дзюрын нагадаў, што 14 лютага г.г. спаўняецца 1155 гадоў з дня смерці св. Кірыла (у Рыме).
У гаміліі Біскуп Пётр Паліч заклікаў сабраных нанава знайсці сілу ў вернасці Ісусу Хрысту і Яго Евангеллю і звяртацца да заступніцтва св. Кірыла і Мятода, каб Еўропа, а асабліва ўсе славянскія народы, нанова адкрылі прыгажосць і хараство Евангелля Ісуса, якое святыя Браты Кірыл і Мятод абвяшчалі мужна – на мове славянаў.
Перад заканчэннем урачыстасці рэктар Інстытута св. Ераніма Марка Дзюрын нагадаў усім прысутным, што ў гэтай базыліцы знаходзіцца капліца святых Братоў – з мошчамі св. Кірыла, у аздабленні якой удзельнічаў у XIX ст. біскуп Дзякава і Срыема Ёзаф Юрай Штросмаер, пра што сведчыць надпіс у самой капліцы.
Эўхарыстычная цэлебрацыя завяршылася працэсіяй са свечкамі, са спевам літаніі да ўсіх святых, ад цэнтральнай навы базылікі да крыпты, дзе знаходзіцца магіла св. Кірыла. У той жа час прачытана ўрывак з “Жыцця Канстанціна-Кірыла” пра ягоную смерць ды малітву, якой маліўся св. Папа Ян Павел ІІ у 1981 г. падчас візіту ў базыліку св. Клімента. (Паводле Харвацкай рэдакцыі Vatican News).