Сённяшні свет паказвае сябе адначасова магутным і слабым, здольным да найлепшага і найгоршага, у той…

Сённяшні свет паказвае сябе адначасова магутным і слабым, здольным да найлепшага і найгоршага, у той час як перад ім распасціраецца шлях да свабоды і няволі, да прагрэсу і рэгрэсу, да братэрства і нянавісці. Больш за тое, чалавек пачынае ўсведамляць, што абавязаны належна кіраваць сіламі, якія сам стварыў і якія могуць прыгнятаць яго або служыць яму. Таму ён ставіць перад сабой пытанні.

Насамрэч, разлад, ад якога пакутуе сучасны свет, звязаны з больш глыбокім разладам, які караніцца ў сэрцы чалавека. У самім чалавеку змагаюцца розныя стыхіі. З аднаго боку, будучы стварэннем, ён зазнае шматлікія абмежаванні, а з другога боку, з’яўляецца свабодным у сваіх жаданнях і пакліканым да вышэйшага жыцця. Прываблены многімі магчымасцямі, ён увесь час вымушаны выбіраць паміж імі і адмаўляцца ад некаторых з іх.

Тым не менш, будучы слабым і грэшным, ён нярэдка робіць тое, чаго не хоча, і не робіць таго, што хацеў бы зрабіць. Таму ён пакутуе ад унутранага разладу, якi выклікае столькі нязгоды ў грамадстве. Вельмі многія людзі, жыццё якіх заражана практычным матэрыялізмам, не хочуць ясна зразумець драматызм такой сітуацыі, а людзям, прыгнечаным галечай, складана задумвацца на гэтым. Многія лічаць, што змогуць знайсці спакой у разнастайных прапанаваных ім тлумачэннях свету. Нарэшце, некаторыя чакаюць сапраўднага і поўнага вызвалення чалавечага роду яго ўласнымі намаганнямі. Яны перакананыя, што будучае панаванне чалавека над зямлёй споўніць усе жаданні ягонага сэрца. Хапае і тых, хто расчараваўся ў сэнсе жыцця, а таму хваліць смеласць тых, хто лічыць чалавечае існаванне пазбаўленым усялякага значэння і спрабуе надаць яму ўсю паўнату сэнсу, абапіраючыся толькі на свой розум. Тым не менш, у сувязі з сучаснай эвалюцыяй свету з кожным днём становіцца ўсё больш тых, хто задае самыя глыбокія пытанні або з новай вастрынёй разважае: чым ёсць чалавек, які сэнс мае цярпенне, зло, смерць, якія надалей існуюць, хоць адбыўся такі прагрэс? Навошта гэтыя перамогі, набытыя такой вялікай цаною? Што чалавек можа даць грамадству, а чаго можа ад яго чакаць? Што адбудзецца пасля гэтага зямнога жыцця?

Царква верыць, што Хрыстос, Які памёр за ўсіх і ўваскрос, можа праз свайго Духа даць чалавеку святло і сілы, каб ён здолеў адказаць на сваё найвышэйшае пакліканне. Царква верыць таксама, што людзям не дадзена іншага імені пад небам, праз якое яны павінны былі б збавіцца. Падобным чынам Царква верыць, што ключ, цэнтр і канец усёй чалавечай гісторыі знаходзіцца ў яго Госпадзе і Настаўніку. Больш за тое, Царква сцвярджае, што ў аснове ўсіх змен ляжыць шмат нязменных рэчаў, якія маюць свой канчатковы падмурак у Хрысце, Які той самы ўчора, сёння і навекі.

Пастырская канстытуцыя пра Царкву ў сучасным свеце «Gaudium et spes» ІІ Ватыканскага сабора, 10-11