Бог бачны для тых, хто яго можа бачыць, у каго адкрыты вочы душы. Хоць ва ўсіх ёсць вочы, у некаторы…

Бог бачны для тых, хто яго можа бачыць, у каго адкрыты вочы душы. Хоць ва ўсіх ёсць вочы, у некаторых яны зацьмёныя змрокам і не бачаць сонечнага святла. Калі невідушчы не бачыць, гэта не азначае, што сонца не свеціць, але тое, што ён церпіць на слепату. Так і вочы тваёй душы зацьмёныя з прычыны грахоў і тваіх дрэнных учынкаў.

Чалавечая душа павінна быць чыстай, як бліскучае люстра. Калі яно пакрылася ржой, у ім нельга ўбачыць чалавечага твару. Таксама, калі ў чалавеку будзе грэх, ён не можа бачыць Бога.

Аднак, калі хочаш, можаш быць аздароўленым: даверся Лекару, і Ён вылечыць вочы тваёй душы і сэрца. Хто гэты Лекар? Бог, Які праз слова і мудрасць лечыць і ажыўляе. Словам і мудрасцю Бог заснаваў усё, бо «словам Госпада створаны нябёсы, дыханнем Яго вуснаў – уся іхняя моц» (Пс 33, 6). Яго мудрасць вышэйшая за ўсё. З мудрасці Бог стварыў зямлю і нябёсы. Яго мудрасць адкрыла бездань і хмары пралілі расу.

Калі ты разумееш гэта, чалавеча, і жывеш беззаганна, свята і справядліва, ты можаш бачыць Бога. Але перадусім няхай будзе ў тваім сэрцы вера і боязь Божая. Тады гэта зразумееш. Калі здымеш з сябе тленнасць і апранешся ў несмяротнасць, тады ўбачыш Бога паводле тваіх заслугаў. Бог абудзіць тваё цела з несмяротнай душою, і тады, стаўшы несмяротным, ты ўбачыш Несмяротнага, калі цяпер Яму паверыш.

Св. Тэафіл Антыёхскі