У 1784 годзе, расчараваны духам ёзафінізму (ад імя імператара Ёзафа ІІ), што панаваў у Венскім універсітэце, Клімент адпраўляецца разам з таварышам-студэнтам Тадэем Гюблем у Рым. Там яны пазнаёміліся з рэдэмптарыстамі і сталі кандыдатамі да Кангрэгацыі. Пасля скарочанага тэрміну навіцыяту, 19 сакавіка 1785 года Клімент і Тадэй склалі зарокі, а 29 сакавіка іх высвецілі ў святары.
Пасля гэтага яны вяртаюцца ў Вену, спадзеючыся заснаваць там супольнасць рэдэмптарыстаў. Але гэта аказалася немагчымым з-за ёзафінісцкіх законаў, якія панавалі ў Аўстрыі, таму айцы на мяжы верасня і кастрычніка 1786 г. вырушаюць у напрамку Варшавы.
Перад выездам з Вены яны атрымалі ад апостальскага нунцыя ліст, адрасаваны варшаўскаму нунцыю, у якім было сказана, што тэрыторыяй іх дзейнасці павінна была стаць “Polonia Russa”, або тэрыторыя Беларусі, якая адышла да Расійскай імперыі пасля І падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г. Верагодна, што вырушаючы з Вены, Гафбауэр з Гюблем накіроўваліся канкрэтна ў Магілёў.
Айцы прыбылі ў Варшаву ў лютым 1787 г. Падчас іх падарожжа змянілася рашэнне адносна іх месца прызначэння. Было вырашана, што яны накіруюцца замест Магілёва ў Шведскую Памеранію ў г. Штральзунд. Аднак з-за цяжкай зімы, якая была ў той год, яны засталіся чакаць вясны ў Варшаве, і ў выніку там і засталіся.
У Варшаве Клімент Гафбауэр стаў настаяцелем нямецкай царквы св. Бенона. Там ён разгарнуў вельмі энергічную пастырскую дзейнасць і прыцягнуў у Кангрэгацыю шмат кандыдатаў. Царква св. Бенона стала месцам “пастаяннай місіі”, у праграму якой уваходзілі штодзённыя навукі, пропаведзі, споведзі і набажэнствы. Пры царкве таксама дзейнічалі сірацінцы і школы для дзяўчат і хлопцаў. Дзейнасць рэдэмптарыстаў ў Варшаве працягвалася да 1808 г.: у гэтым годзе паводле загада Напалеона царкву св. Бенона закрылі, а супольнасць разагналі.
http://cssr.by/redemptarysty/svyatyya-i-blaslavjonyya/119-svyaty-klimen-gafbauer-1751-1820.html