Крыж слязамі абмывала, –
Сын распяты на крыжы.
2. Адчувала ў паняверцы
Боль такі, як меч у сэрцы,
І агонь ва ўсёй душы.
3. Не адсунуць гэты камень,
Раны не закрыць рукамі,
Доля Матчына – палын.
4. Большае няма атруты –
Бачыць Сынавы пакуты,
Памірае родны Сын.
5. Хто ля Сына ўгледзеў Маці,
Слёз ніяк не мог стрымаці,
Нібы тая сірата.
6. Мора слёз і ласкі мора,
Людзі падзялілі гора
Маці нашага Хрыста.
7. За грахі ўсяго народу,
Нас ратуючы ад зводу,
Узышоў на крыж Хрыстос.
8. Чуе Маці, як у Сыне
Роднае дыханне гіне
І знікае ў глыб нябёс.
9. Маці, любасці крыніца,
Дай малітвы той напіцца,
Што паможа мне прыдбаць
10. Сілы, роўныя Хрыстовым,
І такія ж думкі, словы,
Каб сябе Яму аддаць.
11. Так зрабі, каб мукі Сына
Ува мне жылі няспынна
І былі маёй крывёй.
12. Жыць хачу ў Ягонай тайне,
Боль за Сына Ты аддай мне
На Галгофе на святой.
13. Плакаць я хачу з Табою,
Спачуваць Хрысту душою
Век, пакуль мне паміраць.
14. І стаяць з Табой, як зоры
У начной стаяць прасторы,
І як сонца, так стаяць.
15. Панна, светлая Дзяўчына,
Ля Твайго пры смерці Сына
На Галгофе быць дазволь.
16. Навучы мой дух загнаны
Звонам зор загойваць раны,
Сонцам асвятляць юдоль.
17. Гэтак жа раскіну рукі
І прыму такія ж мукі,
Як Твой Сын прыняў за нас.
18. І ад кары нечаканай
Уратуй мяне Ты, Панна,
Як надыдзе Судны час.
19. У апошнія хвіліны,
Хрысце Божа мой адзіны,
Дай душы з табой пабыць.
20. І як згіне маё цела,
То дазволь душы збалелай
Славу райскую здабыць.
Леанід Дранько-Майсюк. Stabat Mater.
Паводле сярэдневяковай каталіцкай секвенцыі. Дзеяслоў №124.