Патрыярх Варфаламей настойвае на адзінай даце Вялікадня для хрысціянУсяленскі Патрыярх Варфаламей п…

Патрыярх Варфаламей настойвае на адзінай даце Вялікадня для хрысціян

Усяленскі Патрыярх Варфаламей працягвае намаганні, каб усе хрысціяне святкавалі Вялікдзень у адзін дзень. У мінулую нядзелю ганаровы кіраўнік Праваслаўнай Царквы накіраваў самыя цёплыя віншаванні ўсім цэрквам-сёстрам, якія ўжо святкуюць Вялікдзень, паведаміў 2 красавіка сайт Венскага экуменічнага фонду «Pro Oriente». У той жа час Варфаламей у сваім пасланні заявіў, што раздзельнае святкаванне галоўнай хрысціянскай падзеі Уваскрасення Гасподняга з’яўляецца «скандалам».

У гэтым годзе праваслаўныя святкуюць Вялікдзень 5 мая. У наступным годзе святкаванні Вялікадня ва Усходніх і Заходняй Цэрквах прыпадае на адзін дзень — 20 красавіка. Патрыярх падкрэсліў, што шчыра спадзяецца і моліцца, каб гэтае сумеснае святкаванне ў наступным годзе было не выпадковай разавай падзеяй, а пачатковай іскрай для далейшых старанняў па аб’яднанні даты Вялікадня.

У 2025 г. цэрквы таксама будуць адзначаць 1700-годдзе Нікейскага сабору. Першы Нікейскі Усяленскі Сабор меў вырашальнае значэнне для ўсяго хрысціянства, якое ў той час яшчэ не было падзелена.

Розныя даты Вялікадня на Усходзе і Захадзе абумоўлены рознымі спосабамі яго вылічэння. Напрыклад, некаторыя Усходнія Цэрквы вызначаюць дату Вялікадня паводле юліянскага календара і іншым спосабам, чым заходнія Цэрквы, якія правялі грыгарыянскую рэформу календара ў XVI стагоддзі. У крайнім выпадку даты Вялікадня могуць мець розніцу да пяці тыдняў. Такі выпадак мае месца ў 2024 годзе.