5 красавіка 1942 г., на Вялікдзень, Беларускі экзарх Грэка-Каталіцкай Царквы Антон Неманцэвіч як экзарх звярнуўся з пастырскім пасланнем да беларускага народа. Факт існавання Экзархата стаў вядомым грамадскасці.
17 верасня 1939 г. Кіева-Галіцкі мітрапаліт Грэка-Каталіцкай Царквы Андрэй Шаптыцкі на падставе паўнамоцтваў, нададзеных яму Папам Піем Х у 1908 годзе, заснаваў Беларускі экзархат ГКЦ і прызначыў часовым кіраўніком экзархата біскупа Мікалая Чарнецкага, CSsR. Праз год, у кастрычніку 1940 г., першым беларускім экзархам быў прызначаны а. Антон Неманцэвіч, SJ.
Сядзіба экзархата месцілася ў Альбярціне пад Слонімам, дзе раней знаходзілася Усходняя місія айцоў езуітаў. Прызначэнне а. Антона Неманцэвіча пацвердзіў прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кард. Эжэн Тысэран у сваім лісце ад 22 снежня 1941 г., а экзархат атрымаў статус апостальскага.