23 красавіка Цэрквы візантыйскай традыцыі ўшаноўваюць святога велікамучаніка Юрыя ПераможцуВелікаму…

23 красавіка Цэрквы візантыйскай традыцыі ўшаноўваюць святога велікамучаніка Юрыя Пераможцу

Велікамучанік Георгій (Юрый) Пераможца паходзіць з Кападокіі, як і святыя Васіль Вялікі і Рыгор Багаслоў. Ён вырас у хрысціянскай сям’і – яго бацька прыняў мучаніцкую смерць за Хрыста, а маці, перасяліўшыся ў Палестыну, выхоўвала сына ў набожнасці і хрысціянскай пакоры.

Малады Юрый паступіў на службу ў рымскае войска і за сваю храбрасць і адвагу ў бітвах быў адзначаны імператарам Дыяклетыянам (284 – 305) і прыняты ў яго ахову ў якасці аднаго са старэйшых военачальнікаў. Доблесць Юрыя стала падставай праслаўляць яго ў песнапеннях як воіна Хрыстовага войска.

Імператар Дыяклетыян, які шмат зрабіў для адраджэння рымскай магутнасці, у апошнія гады свайго праўлення ўзмацніў ганенні на хрысціян і заклікаў да гэтага ўсіх правіцеляў. Святы Юрый, даведаўшыся аб такім рашэнні імператара, раздаў усю сваю маёмасць бедным, а рабоў адпусціў на волю і прапаведаваў Хрыста.

Імператар, здзіўлены палкай прамовай адважнага воіна, пераконваў яго не губіць сваё жыццё і прынесці ахвяру паганскім багам па рымскаму звычаю. Аднак Юрый адмовіўся адрачыся ад Хрыста і быў за гэта зняволены. З гэтага моманту пачаўся перыяд вялікіх выпрабаванняў і пакут адважнага хрысціяніна.

Імператар загадаў забіць св. Юрыя. Адбылося гэта 23 красавіка 303 г., у той дзень яму не споўнілася і 30 гадоў. Спяшаючыся злучыцца з нябесным войскам, ён увайшоў у гісторыю Царквы як Пераможца і праславіўся пад гэтым імем ад пачатку хрысціянства.