Срд. крас 2nd, 2025
*

Адзінародны Божы Сын, жадаючы даць нам удзел у сваім бостве, прыняў нашую прыроду, каб, стаўшыся чалавекам, учыніць людзей багамі

Больш за тое, усё, што Ён прыняў ад нас, цалкам прызначыў для нашага збаўлення. Ахвяраваў сваё цела Богу Айцу як уміласціўленне за нас. Сваю кроў праліў дзеля нашага адкуплення і абмыцця, каб мы, выкупленыя з няшчаснай няволі, былі ачышчаныя ад усіх грахоў.

Але каб памяць пра такое вялікае дабрадзейства жыла ў нас заўсёды, Ён пакінуў сваім верным у постаці хлеба і віна сваё Цела як спажытак і Кроў як напой.

О дзівосная і цудоўная гасціна, збавенная і поўная ўсялякай слодычы! Што ж можа быць яшчэ больш цудоўным? Ужо не мяса казлоў і цяльцоў, як у Старым Запавеце, але сам Хрыстос, праўдзівы Бог, ахвяруецца як спажытак.

Ніводзін іншы сакрамэнт не з’яўляецца больш збавенным; ён знішчае грахі, памнажае цноты, шчодра насычае душу духоўнымі дарамі.

Св. Тамаш Аквінскі