Калі хтосьці стараецца пазнаць і наследаваць чыны продкаў, убачыць іх сабранымі ў адным псальме; праз кароткае чытанне засвоіць увесь гэты скарб у памяці. Калі хтосьці хоча спазнаць моц закону, які выяўляецца ў любові, бо «любоў не чыніць бліжняму зла; любоў ёсць выкананнем закону» (Рым 13, 10), няхай чытае ў псальмах, з якой вялікай любоўю дзеля захавання ад няшчасця ўсяго народу адзін чалавек супрацьстаяў шматлікім небяспекам. Тады заўважыць, што хвала, якой заслугоўвае любоў, не меншая за тую, якая належыць адвазе.
А што ж вы скажаце пра веліч змешчанага ў псальмах прароцтва? Тое, што невыразна прадказвалі іншыя, псальмісту было дадзена выразна і адкрыта, а менавіта, што Госпад Ісус паходзіць з яго патомства, бо сказаў Бог: «Народжанае ад цябе патомства пасаджу на троне тваім» (Пс 132, 11). У псальмах прадказана не толькі нараджэнне Ісуса, але таксама Яго збаўчая мука, смерць, уваскрасенне, узнясенне і тое, што Ён будзе сядзець праваруч Айца. Толькі псальміст прадказаў тое, што ніхто з людзей не адважыўся выказаць і што потым сам Госпад абвясціў у Евангеллі.
Св. Амброзі Медыяланскі