Бог спакою і Настаўнік згоды, той, які вучыў нас еднасці, пажадаў, каб кожны маліўся за ўсіх, так як і Ён узяў на сябе ўсіх нас. Гэты закон малітвы захавалі тры юнакі, укінутыя ў вогненную печ. Маліліся ў адзін голас і ў аднадумстве. Пра гэта кажа Святое Пісанне, якое, расказваючы пра іх малітву, дае нам прыклад для наследавання, каб і мы былі выслуханымі падобна ім. «Гэтыя трое, − кажа, − у адзін голас спявалі гімн і благаслаўлялі Бога» (пар. Дан 3, 51). Маліліся быццам у адзін голас, хоць Хрыстос не вучыў іх малітве. А гэтая малітва была дзейснай і плённай, бо малітва ў духу, поўная спакою і прастаты падабаецца Госпаду.
Заўважым, што так маліліся Апосталы разам з вучнямі пасля Узнясення. «Усе яны, − кажа Пісанне, − сумесна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Ісуса, і з братамі Ягонымі» (Дз 1,14). Трываючы разам у малітве, паказвалі праз аднадушнасць і сталасць, што Бог, які рыхтуе дом для аднадумцаў (пар. Пс 68, 7), у сваю вечную святыню прымае толькі тых, хто аднадушна трывае на малітве.
Св. Кіпрыян Карфагенскі