Па дарозе дадому пасьля царкоўнага фэсту ў Гудагаі грэка-католікі завіталі ў Баруны, у былы манастыр…

Па дарозе дадому пасьля царкоўнага фэсту ў Гудагаі грэка-католікі завіталі ў Баруны, у былы манастыр базыльянаў, сёньня – рыма-каталіцкі касьцёл сьвятых апосталаў Пятра і Паўла, які зьяўляецца санктуарыюмам Маці Божай Барунскай.

У канцы 1980-х, калі тут служыў а. Ян Матусевіч, менавіта ў гэтым сьвятым месцы пачыналася адраджэньне Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

24 ліпеня – дзень народзінаў а. Яна МАТУСЕВІЧА (1948–1998). Чалавек і сьвятар складанага лёсу, ён адзін з першых пачаў правіць набажэнствы па-беларуску, а пазьней стаў першым парахам грэка-католікаў у Менску і дэканам БГКЦ. Айца Яна Матусевіча называлі душпастырам беларускай інтэлігенцыі. Ён стаў адным з заснавальнікаў Біблійнага таварыства, удзельнічаў у розных грамадзка-культурных мерапрыемствах, падтрымліваў сяброўскія стасункі з прадстаўнікамі розных канфесій – праваслаўнымі, евангельскімі хрысьціянамі, юдэямі, мусульманамі.