Ігнацый Лаёла нарадзіўся ў 1491 г. у радавым замку Лаёлаў у гішпанскай краіне Баскаў. У маладосьці ён быў афіцэрам у войску аднаго з гішпанскіх магнатаў і вёў разгульнае жыцьцё. У 1521 г. падчас аблогі Памплоны францускімі войскамі Ігнацый быў цяжка паранены. Падчас доўгага лячэньня яму ў рукі трапіла кніга Людольфа Саксонскага «Жыцьцё Хрыста», якая глыбока ўразіла Ігнацыя й дапамагла зразумець усю нікчэмнасьць яго існаваньня. Пасьля выздараўленьня ён пэўны час жыў у пакаяньні як пустэльнік і тады напісаў свае славутыя «Духоўныя практыкаваньні».
У гэты ж час у яго зьяўляецца містычны вопыт. Ён ажыцьцяўляе паломніцтва ў Сьвятую Зямлю, а пасьля гэтага распачынае вучобу. У 1534 г. на Манмартры ў Парыжы Ігнацый разам са сваімі аднадумцамі, сярод якіх былі св. Францішак Ксавэрый і св. Пётар Фабэр, складае вечныя шлюбы, а праз тры гады ў Італіі прымае сьвятарскае пасьвячэньне. Разам з паплечнікамі ён накіроўваецца ў Рым, каб аддаць сябе ў поўнае распараджэнньне Сьвятому Айцу.
У 1540 г. Папа Павел ІІІ зацьвердзіў апрацаваную Ігнацыем канстытуцыю законнай супольнасьці, і з гэтага моманту пачало існаваць Таварыства Езуса — ордэн езуітаў. Ігнацый Лаёла памёр у Рыме 31 ліпеня 1556 г. пасьля пятнаццаці гадоў плённага кіраваньня Таварыствам, якое зь цягам часу набыло надзвычай вялікае значэньне для ўсяго Касьцёла, заняўшы вядучыя пазыцыі ў навуцы, выхаваньні й місыянерскай дзейнасьці.
Узята з сайта https://catholic.by/