Як пабудаваць свабодную Беларусь? Дырэктар катэхетычнага каледжа абараніў доктарскую, прысвечаную по…

Як пабудаваць свабодную Беларусь? Дырэктар катэхетычнага каледжа абараніў доктарскую, прысвечаную поглядам ксяндза Адама Станкевіча.

28 верасня ксёндз Юрый Дрозд, дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі, якую напісаў у інстытуце тэалагічных навук Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

У сваёй навуковай працы аўтар даследаваў духоўную спадчыну вядомага беларускага асветніка ксяндза Адама Станкевіча. Ён быў не толькі святаром, але таксама грамадска-палітычным дзеячам, выдаўцом, гісторыкам, публіцыстам і літаратуразнаўцам.

Тэма доктарскай дысертацыі асабліва цікавая і актуальная ў наш час: «Беларуская канфесійная і нацыянальная ідэнтычнасць у тэалагічных поглядах ксяндза Адама Станкевіча (1891 – 1949)».

На думку аўтара дысертацыі, ксёндз Адам Станкевіч правёў грунтоўны аналіз праблемы фармавання канфесійнай і нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа, адзначыў шырокі спектр праблем, звязаных з гэтым працэсам, а таксама прапанаваў арыгінальны спосаб дасягнення еднасці беларускіх хрысціянаў. Ксёндз Адам Станкевіч звязваў праблему хрысціянскага адзінства ў Беларусі з неабходнасцю імкнення да нацыянальнай кансалідацыі саміх беларусаў і актыўнай працы дзеля дабра краіны.

Паводле яго, пабудова свабоднай і незалежнай Беларусі — гэта адначасова і шлях да ўсебаковага ўзаемаразумення паміж беларускімі хрысціянамі, і выкананне закліку Хрыста, «каб усе былі адно» (пар. Ян 17, 21).